22 сакавіка — сумная дата ў народным календары Беларусі. Гэты дзень мы, беларусы, перажываем з асаблівым болем — 80 гадоў таму вёска Хатынь з усімі яе жыхарамі была спалена дашчэнту фашысцкімі захопнікамі і іх паслугачамі. Больш за 200 вёсак падзялілі горкі лёс Хатыні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, так ніколі і не адрадзіўшыся. Звыш 10 тысяч сёл і вёсак пацярпелі падчас акупацыі. Страшныя пацверджанні зверстваў фашыстаў на беларускай зямлі выкрываюцца да гэтага часу. Шматлікія факты сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую ажыцьцяўлялі нацысты.
Мы, спадчыннікі пераможцаў, не маем ніякага маральнага права здрадзіць памяці пра тыя трагічныя падзеі. Мы будзем свята шанаваць несмяротны подзвіг нашых старэйшых пакаленняў і заўсёды дзякаваць ім за нашу свабоду, заваяваную такой неймаверна дарагой цаной.
Памяць аб ахвярах карычневай чумы ніколі не павінна згаснуць. Мы павінны зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася ізноў.